О "Зубренке"

Программы

Методическая работа

Образование

Оздоровительным лагерям

Оздоровление

Отдых

Медиацентр

Зубрацкія выходныя ў беларускім стылі

10 февраля 2019

9 і 10 лютага выхаванцы «Зубронка» змаглі паглыбіцца ў нацыянальныя традыцыі, пасмакаваць стравы з традыцыйнага беларускага стала ды папрактыкавацца у любімых гульнях нашых продкаў. У гэтыя дні ў цэнтры прайшлі выходныя ў беларускім стылі. Іх насычаная праграма аб’яднала не толькі юных фалькларыстаў, удзельнікаў змены «Вытокі», аднак далучыла да беларускасці хлапчукоў і дзяўчынак змен «Музей у чамадане, ці Вандроўка па малой радзіме» і «Бізнес-клуб, ці Як стаць прадпрымальным». Выходныя гучна пачаліся з Дня літары Ў. Паўсюль гучала беларускамоўная гаворка: ветлівыя словы, жарты, міжасабовая размова. Галоўнае правіла гэтага дня – імкніся размаўляць пераважна па-беларуску.

Кулінарныя традыцыі беларусаў – гэта прастата народных рэцэптаў і вытанчанасць страў для арыстакратаў. Беларускія традыцыйныя стравы заўсёды адрозніваліся сваёй адметнасцю і неверагодным смакам. Паспрабаваць салату «Па-слуцку» ды ячную кашу з мясам «Па-беларуску», даведацца, якая на смак традыцыйная беларуская зацірка на малацэ і яблычны ўзвар кожны выхаванец цэнтра змог на традыцыйным беларускім абедзе.

Разам з гэтым, самых дасведчаных прадстаўнікоў кожнага атрада чакаў удзел у праекце «Беларуская дыктоўка». Штогод у Міжнародны дзень роднай мовы беларуская дыктоўка аб’ядноўвае ўсіх жыхароў Беларусі. На жаль, гэты дзень не выпадае на час рэалізацыі змены, таму было вырашана крыху загадзя – 9 лютага – аб’днаць выхаванцаў «Зубронка» выпрабаваннем на веданне беларускага правапісу.

Легенды пра беларускіх волатаў ведаюць далёка за межамі сучаснай Беларусі. Беларускі народ заўсёды быў славуты сваёй мужнасцю, спрытнасцю і моцай. Каб у чарговы раз пацвердзіць гэта, у цэнтры адбылося ўсезубрацкае спартыўнае свята «Беларусіяда». Паказаць сябе маглі як спартсмены, так і заўзятары. З трыбунаў гучалі беларускія прыказкі і прымаўкі, якія падтрымоўвалі ўдзельнікаў спартыўных спаборніцтваў. Юныя спартсмены ўдзельнічалі ў лыжных гонках і ў традыцыйных беларускіх гульнях: «Лапта», «Дзень і ноч», «Пальчатка» ды «Перацяжкі». Самыя спартыўныя і актыўныя атрады былі ўзнагароджаны памятнымі дыпломамі цэнтра.

Выходныя працягнуліся на сцэне вялікай актавай залы, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі гульнёвай праграмы «Вялікая вандроўка па малой радзіме». Аб’яднаўшыся ў некалькі каманд, выхаванцы накіраваліся ў вялікую інтэрактыўную вандроўку па сінявокай, узгадалі нацыянальныя брэнды і славутасці беларускай зямлі.

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Падаецца, у хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сталі ўдзельнікамі зубрацкіх выходных у беларускім стылі, з’явілася шмат ідэй святкавання гэтага дня. Сустракай, малая радзіма, сваіх натхнёных дзяцей і падлеткаў! Няхай святочны дзень стане крыху незвычайным і сапраўды запамінальным!

Удзельнікі праекта «Беларуская дыктоўка»

Падчас удзелу ў гульнёвай сітуацыі «Размаўляй па-беларуску». 3-ці «Сонечны» атрад

Некалькі хвілін – і «Беларусіяда» будзе аб’яўлена адкрытай

Згуляем у «Пальчатку»